ТРУБАПРАВО́ДНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту, які ажыццяўляе перадачу на адлегласць вадкіх, газападобных ці цвёрдых прадуктаў па трубаправодах. Прызначаны для транспарціроўкі газу (газаправод), нафты і нафтапрадуктаў (нафтаправод), цвёрдых матэрыялаў (гідраўлічны транспарт, пнеўматычны транспарт). У залежнасці ад прызначэння і тэр. размяшчэння адрозніваюць Т.т. магістральны і прамысловы (найб. пашыраны). Прамысловы выкарыстоўваецца для транспарціроўкі грузаў, якія перадаюцца па трубах у межах прадпрыемства для працягу тэхнал. працэсу. Да магістральнага Т.т. належаць газа- і нафтаправоды, па якіх транспарціруюцца прадукты ад месца здабычы да месца перапрацоўкі і спажывання (заводы, марскія парты). Па магістральных прадуктаправодах транспарціруюцца гатовыя нафтапрадукты (бензін, дызельнае паліва і інш.) з заводаў у раёны спажывання. Да Т.т. адносяцца таксама нафтабазавыя, унутрыпрамысловыя нафта-, газа-, прадуктаправоды, гарадскія газаразмеркавальныя, водаправодныя і каналізацыйныя сеткі і г.д. Вядучая краіна ў галіне Т.т. Японія. На Беларусі агульная працягласць магістральных нафтаправодаў рознага дыяметра (630, 720, 820, 1020 мм) у аднаніткавым вылічэнні 3 тыс. км, прадуктаправодаў 1,4 тыс. км, газаправодаў 6,7 тыс. км. размеркавальных газаправодаў 22 тыс. км (2002). Будуецца газаправод Ямал—Еўропа, першы ўчастак (209 км) здадзены ў эксплуатацыю (1999). Удзельная вага Т.т. ў агульным грузаабароце краіны 58% (2001). Схему магістральных нафтаправодаў гл. ў арт. Нафтаправод.

М.​М.​Кунцэвіч, Л.​В.​Несцераў.

т. 15, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)